
- Што датычыцца завяршэння зямнога жыцця Марыі, Сабор паўтарае фармулёўкі Буллы аб вызначэнні догмату пра Унебаўзяцце і сцвярджае: «Беззаганная Дзева, захаваная свабоднай ад усялякай плямы першароднага граху, пасля завяршэння свайго зямнога жыцця была ўзятая ў нябесную славу душой і целам» (Lumen Gentium, 59). Гэтай формулай Дагматычная канстытуцыя Lumen gentium, ідучы за маім шаноўным Папярэднікам Піем XII, не выказваецца адносна пытання смерці Марыі. Аднак Пій XII не меў намеру адмаўляць факт смерці, а толькі не палічыў мэтазгодным урачыста сцвярджаць як ісціну, якую павінны прыняць усе вернікі, смерць Багародзіцы. Некаторыя тэолагі, сапраўды, сцвярджалі, што Дзева была вызвалена ад смерці і непасрэдна перайшла ад зямнога жыцця да нябеснай славы. Аднак гэтае меркаванне было невядомым аж да XVII стагоддзя, тады як насамрэч існуе агульная традыцыя, якая бачыць у смерці Марыі яе ўвядзенне ў нябесную славу.
- Ці магчыма, што Марыя з Назарэта перажыла ў сваім целе драму смерці? Разважаючы пра лёс Марыі і пра яе адносіны з боскім Сынам, здаецца правамерным адказаць сцвярджальна: паколькі Хрыстос памёр, было б цяжка сцвярджаць адваротнае адносна Маці. Менавіта так разважалі Айцы Касцёла, якія не мелі ў гэтым ніякіх сумненняў. Дастаткова прыгадаць святога Якуба Саругскага (+ 521), паводле якога «хор дванаццаці Апосталаў», калі для Марыі настаў «час ісці шляхам усіх пакаленняў», гэта значыць шляхам смерці, сабраўся, каб пахаваць «дзявочае цела Блаславёнай» (Discorso sulla sepoltura della Santa Genitrice di Dio, 87-99 in C. VONA, Lateranum 19 [1953], 188). Святы Мадэст Ерузалемскі (+ 634), пасля таго як шырока гаварыў пра «найблажэннейшае ўспенне найслаўнейшай Багародзіцы», завяршае сваю «пахвалу», услаўляючы цудоўнае ўмяшанне Хрыста, які «уваскрасіў яе з грабніцы», каб узяць яе з Сабою ў славу (San Modesto di Gerusalemme, Enc. in dormitionem Deiparae semperque Virginis Mariae, nn. 7 e 14: PG 86 bis, 3293; 3311). Святы Ян Дамаскін (+ 704), са свайго боку, пытаецца: «Як жа тая, якая пры нараджэнні пераступіла ўсе межы прыроды, цяпер падпарадкоўваецца яе законам, і яе беззаганнае цела падлягае смерці?» І адказвае: «Безумоўна, неабходна было, каб смяротная частка была адкладзена, каб апрануцца ў несмяротнасць, бо і Валадар прыроды не адмовіўся ад досведу смерці. Ён, сапраўды, памірае паводле цела і смерцю знішчае смерць, тленнасці дае нятленнасць, а смерць робіць крыніцай уваскрасення». (San Giovanni Damasceno, Panegirico sulla Dormizione della Madre di Dio, 10: SC 80,107).
- Праўда, што ў Аб’яўленні смерць прадстаўлена як пакаранне за грэх. Аднак той факт, што Касцёл абвяшчае Марыю вызваленай ад першароднага граху дзякуючы асабліваму Божаму прывілею, не дае падставы рабіць выснову, што яна атрымала таксама цялеснае несмяротнасць. Маці не вышэйшая за Сына, які прыняў смерць, надаўшы ёй новае значэнне і ператварыўшы яе ў сродак збаўлення. Удзельнічаючы ў справе адкуплення і злучаная са збаўчай ахвярай Хрыста, Марыя магла падзяліць цярпенне і смерць дзеля адкуплення чалавецтва. І да Яе адносіцца тое, што Севір Антыёхійскі кажа пра Хрыста: «Без папярэдняй смерці, як магло б адбыцца ўваскрасенне?» (Severo d’Antiochia, Antiiulianistica, Beirut 1931, 194s). Каб удзельнічаць ва ўваскрасенні Хрыста, Марыя найперш павінна была падзяліць Яго смерць.
- Новы Запавет не дае ніякіх звестак пра абставіны смерці Марыі. Гэтае маўчанне дазваляе меркаваць, што яна адбылася звычайным чынам, без якой-небудзь асаблівай акалічнасці, вартых згадвання. Калі б гэта было не так, як магла б гэтая вестка застацца схаванай ад сучаснікаў і нейкім чынам не дайсці да нас? Што датычыцца прычын смерці Марыі, то неабгрунтаванымі здаюцца меркаванні, якія хацелі б выключыць для Яе натуральныя прычыны. Больш важным з’яўляецца даследаванне духоўнага стаўлення Дзевы ў момант Яе адыходу з гэтага свету. У гэтай сувязі святы Францішак Сальскі лічыць, што смерць Марыі адбылася як вынік парыву любові. Ён гаворыць пра смерць «у любові, з-за любові і дзеля любові», прыходзячы таму да сцвярджэння, што Маці Божая памерла ад любові да свайго Сына Езуса (San Francesco di Sales, Traité de l’Amour de Dieu, Lib. 7, c. XIII-XIV). Якім бы ні быў арганічны і біялагічны факт, які з фізічнага пункту гледжання стаў прычынай спынення жыцця цела, можна сказаць, што пераход ад гэтага жыцця да іншага быў для Марыі сталеннем ласкі ў славе, так што ніколі смерць не магла быць успрынята як «успенне» так, як менавіта ў гэтым выпадку.
- У некаторых Айцоў Касцёла знаходзім апісанне самога Езуса, які прыходзіць забраць сваю Маці ў момант смерці, каб увесці Яе ў нябесную славу. Такім чынам, яны прадстаўляюць смерць Марыі як падзею любові, якая прывяла Яе да сустрэчы з Яе боскім Сынам, каб падзяліць Яго несмяротнае жыццё. Напрыканцы свайго зямнога існавання Яна, як Павел і нават больш за яго, перажыла жаданне вызваліцца ад цела, каб назаўсёды быць з Хрыстом (пар. Флп 1, 23).
Папа Ян Павел ІІ – 25 чэрвеня 1997 г.

