Трынаццаць пытанняў і адказаў з Кампендыя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, апублікаванага Бэнэдыктам XVI.
* * *
18. Чаму Святое Пісанне вучыць праўдзе?
Бо сам Бог з’яўляецца аўтарам Святога Пісання: таму яно называецца натхнёным і без памылкі вучыць праўдам, неабходным для нашага збаўлення. Святы Дух натхніў чалавечых аўтараў, якія запісалі тое, чаму Ён хацеў нас навучыць. Аднак хрысціянская вера — гэта не «рэлігія Кнігі», але вера ў Божае Слова, якое ёсць не «напісаным і нямым словам, але ўцелаўлёным і жывым Словам» (святы Бэрнард з Клерво).
58. Чаму Бог дапускае зло?
Вера дае нам упэўненасць, што Бог не дапусціў бы зла, калі б не выводзіў з таго самага зла дабро. Бог ужо цудоўным чынам здзейсніў гэта ў час смерці і ўваскрасення Хрыста: з найбольшага маральнага зла — забойства свайго Сына — Ён вывеў найвялікшыя даброты: праслаўленне Хрыста і нашае адкупленне.
117. Хто адказны за смерць Езуса?
Пакуты і смерць Езуса нельга без разбору прыпісваць ні ўсім габрэям, якія жылі ў той час, ні іншым габрэям, што жылі пазней у іншы час і ў іншых месцах. Кожны асобны грэшнік, гэта значыць кожны чалавек, сапраўды з’яўляецца прычынай і прыладай пакутаў Адкупіцеля, а найбольш вінаватыя тыя, асабліва хрысціяне, хто часцей упадае ў грэх або знаходзіць задавальненне ў заганах.
127. Якія «знакі» сведчаць пра ўваскрасенне Езуса?
Акрамя галоўнага знака — пустой магілы, пра ўваскрасенне Езуса сведчаць жанчыны, якія першымі сустрэлі Езуса і абвясцілі пра гэта Апосталам. Пазней Езус «з’явіўся Кіфе (Пятру), а потым Дванаццаці. Пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова» (1 Кар 15,5–6), а таксама іншым. Апосталы не маглі выдумаць уваскрасенне, бо яно здавалася ім немагчымым: Езус нават папракнуў іх за нявер’е.
171. Што азначае сцвярджэнне: «Па-за Касцёлам няма збаўлення»?
Гэта азначае, што ўсякае збаўленне паходзіць ад Хрыста-Галавы праз Касцёл, які з’яўляецца Яго Целам. Таму не могуць быць збаўленыя тыя, хто, ведаючы, што Касцёл заснаваны Хрыстом і неабходны для збаўлення, не ўвайшоў у яго і не застаўся ў ім. Разам з тым дзякуючы Хрысту і Яго Касцёлу могуць атрымаць вечнае збаўленне тыя, хто не па сваёй віне не ведае Евангелля Хрыста і Яго Касцёла, але шчыра шукае Бога і пад уплывам ласкі імкнецца выконваць Яго волю, пазнаную праз голас сумлення.
201. Чаму Касцёл мае ўладу адпускаць грахі?
Касцёл мае місію і ўладу адпускаць грахі, бо сам Хрыстус даў яму іх: «Прыміце Духа Святога; каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя, а каму затрымаеце, таму будуць затрыманыя» (Ян 20,22–23). «Веру ўва ўваскрасенне цела».
213. Як існаванне пекла сумяшчаецца з бясконцай дабрынёй Бога?
Бог, хоць і хоча, «каб усе прыйшлі да пакаяння» (2 П 3,9), аднак, стварыўшы чалавека свабодным і адказным, паважае яго рашэнні. Таму чалавек сам, цалкам свабодна, выключае сябе з еднасці з Богам, калі да самай смерці трывае ў смяротным граху, адмаўляючыся ад міласэрнай любові Бога.
244. Ці патрэбныя Касцёлу месцы для цэлебрацыі літургіі?
Культ «у духу і праўдзе» (Ян 4,24) Новага Запавету не звязаны ні з якім адзіным месцам, бо Хрыстус — сапраўдная святыня Бога, праз якую хрысціяне і ўвесь Касцёл пад дзеяннем Святога Духа таксама становяцца святынямі жывога Бога. Аднак Божаму Народу ў яго зямным стане патрэбныя месцы, дзе супольнасць можа збірацца для цэлебрацыі літургіі.
349. Якое стаўленне Касцёла да разведзеных, якія заключылі новы шлюб?
Верны Пану, Касцёл не можа прызнаць шлюбам саюз разведзеных, якія паўторна ўзялі шлюб у грамадзянскім парадку. «Хто адпускае жонку сваю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць адносна яе; і калі жонка адпусціць мужа свайго і выйдзе за іншага, чужаложыць» (Мк 10,11–12). Касцёл праяўляе да іх асаблівую клопатлівасць, заахвочваючы іх да жыцця веры, малітвы, учынкаў міласэрнасці і хрысціянскага выхавання дзяцей. Але яны не могуць атрымаць сакрамэнтальнае адпушчэнне грахоў, прыступаць да Эўхарыстычнай Камуніі або выконваць пэўныя абавязкі ў Касцёле, пакуль працягваецца гэтая сітуацыя, якая аб’ектыўна супярэчыць Божаму закону.
392. Што такое грэх?
Грэх — гэта «слова, учынак або жаданне, супярэчныя вечнаму Закону» (святы Аўгустын). Гэта абраза Бога, непаслухмянасць Яго любові. Грэх раніць чалавечую прыроду і пагражае чалавечай салідарнасці. У сваіх муках Хрыстус цалкам раскрывае цяжар граху і перамагае яго сваёй міласэрнасцю.
472. Чаму грамадства павінна абараняць кожны эмбрыён?
Неад’емнае права кожнага чалавека на жыццё з моманту яго зачацця з’яўляецца складовай часткай грамадзянскай супольнасці і яе заканадаўства. Калі дзяржава не выкарыстоўвае сваю сілу дзеля абароны правоў усіх, асабліва найбольш слабых, сярод якіх і яшчэ ненароджаныя зачатыя дзеці, падрываюцца самі асновы прававой дзяржавы.
475. Калі навуковыя, медыцынскія або псіхалагічныя эксперыменты над асобамі ці групамі людзей з’яўляюцца маральна дапушчальнымі?
Яны з’яўляюцца маральна дапушчальнымі, калі служаць цэласнаму дабру асобы і грамадства, не нясуць непрапарцыйнай рызыкі для жыцця, фізічнай і псіхічнай недатыкальнасці ўдзельнікаў, належным чынам праінфармаваных і тых, хто даў згоду.
572. Чаму малітва — гэта змаганне?
Малітва — гэта дар ласкі, але яна заўсёды патрабуе рашучага адказу з нашага боку, бо той, хто моліцца, змагаецца сам з сабою, з асяроддзем і асабліва са Спакуснікам, які робіць усё, каб адцягнуць яго ад малітвы. Змаганне ў малітве непарыўна звязана з поступам духоўнага жыцця. Молімся так, як жывём, бо жывём так, як молімся.


