
Прамаўляецца а 17-й гадзіне 27 лістапада, у літургічнае свята Цудоўнага медаліка, кожнага 27-га дня месяца і ў кожнай нагальнай патрэбе.
Цудоўны медалік — гэта дар, які Дзева Марыя пажадала пакінуць сваім дзецям праз аб’яўленні святой Кацярыны Лябурэ ў 1830 годзе як знак сваёй мацярынскай любові і сваёй апекі. Носячы яго з верай і давяраючы сябе Марыі, мы памятаем пра яе прысутнасць і просім аб ласках, якія Бог праз яе заступніцтва жадае нам удзяліць.
О Беззаганная Дзева, мы ведаем, што заўсёды і ўсюды ты гатовая выслухаць малітвы сваіх дзяцей, выгнаннікаў у гэтай даліне слёз, але ведаем таксама, што ёсць дні, калі ты жадаеш больш шчодра выліваць скарбы сваіх ласкаў. Дык вось, о Маці, мы прыпадаем перад табою менавіта ў той самы благаслаўлёны дзень, абраны табою для аб’яўлення твайго Медаліка. Мы прыходзім да цябе, поўныя бязмежнай удзячнасці і неабмежаванага даверу, у гэты дзень, такі дарагі табе, каб падзякаваць табе за вялікі дар, які ты дала нам, даўшы нам свой вобраз, каб ён быў для нас сведчаннем любові і залогам абароны. Мы абяцаем табе, што: святы Медалік будзе знакам тваёй прысутнасці сярод нас, будзе нашай кнігай, па якой мы навучымся пазнаваць, ідучы за тваёй парадай, наколькі ты нас палюбіла і што мы павінны рабіць, каб не былі марнымі шматлікія ахвяры твае і твайго Боскага Сына. Так, тваё прабітае Сэрца, прадстаўленае на Медаліку, заўсёды будзе ляжаць на нашым сэрцы і прымусіць яго біцца ва ўнісон з тваім, запаліць яго любоўю да Езуса і ўмацуе яго, каб кожны дзень несці свой крыж за Ім.
Вітай, Марыя…
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто да Цябе звяртаецца.
Гэта гадзіна, о Марыя, тваёй невычэрпнай дабрыні, тваёй пераможнай міласэрнасці, гадзіна, калі ты праз свой Медалік дала пачатак таму патоку ласкаў і цудаў, які затапіў зямлю. Учыні, о Маці, каб гэтая гадзіна, якая нагадвае пра салодкае хваляванне твайго Сэрца, якое падштурхнула цябе прынесці нам сродак ад столькіх бедаў, была таксама нашай гадзінай: гадзінай нашага шчырага навяртання і гадзінай поўнага выслухання нашых просьбаў. Ты, якая абяцала, што вялікімі будуць ласкі для тых, хто будзе прасіць іх з даверам, ласкава скіруй свой позірк на нас. Мы прызнаём, што не заслугоўваем тваіх ласкаў. Але да каго нам звярнуцца, о Марыя, як не да цябе, якая з’яўляешся нашай Маці і ў чыіх руках Бог змясціў усе свае ласкі? Дык злітуйся над намі. Просім цябе аб гэтым дзеля твайго Беззаганнага Зачацця і дзеля любові, якая падштурхнула цябе даць нам твой каштоўны Медалік.
Вітай, Марыя…
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто да Цябе звяртаецца.
О Суцяшальніца засмучаных, якая ўжо схілілася над нашымі няшчасцямі, паглядзі на беды, якія нас прыгнятаюць. Учыні, каб твой Медалік праліў на нас і на ўсіх нашых дарагіх свае дабратворныя промні: няхай вылечыць нашых хворых, дасць супакой нашым сем’ям, зберажэ нас ад усялякай небяспекі. Няхай твой Медалік прынясе суцяшэнне тым, хто пакутуе, утішэнне тым, хто плача, святло і сілу ўсім. Але асабліва дазволь нам, о Марыя, у гэтую ўрачыстую гадзіну прасіць цябе аб навяртанні грэшнікаў, асабліва тых, хто найбольш патрабуе тваёй міласэрнасці. Памятай, што і яны — твае дзеці, за якіх ты цярпела, малілася і плакала. Збаў усіх сваіх дзяцей, каб яны аднойчы маглі дзякаваць табе і вечна праслаўляць цябе ў Небе. Амэн.
Вітай, Каралева…
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто да Цябе звяртаецца.

