in

Растлумачыць дзецям пра вянок Адвэнту

advent-wreath-1879730_640
Фота: Myriams-Fotos з Pixabay

Прыйдзі, сапраўднае Святло, Ты, што асвятляеш кожнага чалавека. Рассей нашую цемру, і мы больш не будзем баяцца, бо Ты, Езу, — святло на нашым шляху. Дапамажы нам несці Тваё святло нашым братам. Амэн

Вянок Адвэнту — гэта калядны сімвал, які суправаджае нас на працягу чатырох нядзель перад Божым Нараджэннем, аж да дня Нараджэння Пана.

Ён складаецца з вялікага кольца з галінак піхты, хвоі або лаўра, упрыгожанага чырвонымі стужкамі; на ім размяшчаюць чатыры свечкі, якія запальваюць дома па чарзе — па адной кожную нядзелю.

Гэты вянок мае шмат сімвалічных значэнняў:

Па-першае, круглая форма:

Круг лічыцца дасканалай геаметрычнай формай, бо ў яго няма ні пачатку, ні канца: ён сімвалізуе нашага Бога — вечнага і нязменнага, а таксама час Касцёла, які з году ў год святкуе таямніцу Уцелаўлення, смерці і Уваскрасення Езуса ў няспыннай плыні гадоў аж да апошняга дня Парусіі, калі Езус зноў прыйдзе ў славе…

Па-другое, галінкі хвоі:

Дрэва нагадвае нам пра дрэва жыцця, якое было ў зямным раі (гл. Быц 2, 9), а значыць, і пра дрэва крыжа, праз які Езус вызваліў чалавека з няволі граху і смерці.

Па-трэцяе, сімвал святла свечак:

Яно сімвалізуе Езуса — сапраўднае святло свету, якое прыйшло асвяціць кожнага чалавека. Значныя словы аднаго з гімнаў, якімі Касцёл распачынае ранішнюю малітву:

«Ноч, цемра і туман, уцякайце: прыходзіць святло, прыходзіць Хрыстус Пан…»

Паступовае запальванне чатырох свечак, нядзеля за нядзеляй аж да Божага Нараджэння, нагадвае нам пра этапы гісторыі збаўлення і сімвалізуе прарочае святло, якое асвятляла ноч чакання Месіі.

Мы можам прайсці гэты шлях, разважаючы пра чатыры ключавыя постаці Бібліі, якія суправаджаюць нас ад абяцання збаўлення да яго спаўнення:

1-я свечка: Абяцанне збаўлення ў Абрагаме, нашым бацьку ў веры.
Бог заключае запавет з Абрагамам і абяцае яму патомства, праз якое будуць благаслаўлёныя ўсе народы. Абрагам, паслухаўшыся голасу Бога, выпраўляецца ў дарогу, не ведаючы, куды яго павядзе Ягвэ, і давяраючы Яго абяцанню: «Я зраблю цябе вялікім народам і благаслаўлю цябе» (гл. Быц 12, 2).

2-я свечка: Чаканне Месіі ў прароку Ісаі.
Праз прарокаў Бог падтрымлівае жывой надзею свайго народа і абвяшчае прыйсце Збаўцы. Сярод іх Ісая, прыкладна за 750 гадоў да нараджэння Езуса, прадказвае Яго прыйсце, падтрымліваючы, суцяшаючы і моцна заахвочваючы габрэйскі народ, каб ён не губляў надзеі аднойчы ўбачыць Яго сярод сябе.

3-я свечка: Падрыхтоўка да прыйсця Езуса. Нядзеля «Gaudete».
Ян Хрысціцель заклікае да навяртання і рыхтуе народ прыняць Месію. Менавіта яму выпаў гонар сустрэць Езуса і ўказаць на Яго людзям усіх часоў: «Вось Баранак Божы, вось Той, хто бярэ на сябе грэх свету!» (Ян 1, 29). У гэтую нядзелю літургія неаднаразова заклікае нас радавацца ў Пану, які прыходзіць.

4-я свечка: Спаўненне абяцання дзякуючы Марыі.
Марыя прымае Божую задуму і сваім «так» анёлу Габрыэлю становіцца Маці Езуса, чаканага Збаўцы, праз якога Бог ажыццяўляе сваю задуму збаўлення кожнага чалавека.

Пятай свечкай, пастаўленай у цэнтры вянка, мы святкуем Божае Нараджэнне. Абяцанне споўнілася: Езус прыйшоў у целе дзве тысячы гадоў таму, а мы з даверам чакаем Яго слаўнага вяртання ў канцы часоў, як кожную нядзелю вызнаём у Сімвале веры: «… і зноў прыйдзе ў славе судзіць жывых і памерлых»…

Sassoferrato_santa_cecilia_1635-50_ca._03

Святая Цэцылія, мучаніца — 22 лістапада