in

Адвэнт — гэта час прысутнасці і чакання Вечнага (Бэнэдыкт XVI)

“Адвэнт — гэта чатырохтыднёвы літургічны перыяд, які рыхтуе да Божага Нараджэння, нагадваючы пра чаканне нараджэння Езуса і запрашаючы хрысціянаў унутрана падрыхтавацца да Яго прыйсця.“

star-6880592_1280
Фота ELG21 з Pixabay

Дарагія браты і сёстры,

гэтым вечаровым набажэнствам мы ўваходзім у літургічны перыяд Адвэнту. У біблійным чытанні, якое мы толькі што пачулі, узятым з Першага паслання да Тэсаланікійцаў, апостал Павел заклікае нас падрыхтавацца да «прыйсця Пана нашага Езуса Хрыста» (5, 23), захоўваючы сябе беззаганнымі дзякуючы Божай ласцы. Павел ужывае менавіта слова «прыйсце», па-лацінску adventus, ад якога паходзіць назва Адвэнт.

Коратка паразважаем над значэннем гэтага слова, якое можна перакласці як «прысутнасць», «прыбыццё», «прыйсце». У мове старажытнага свету гэта быў адмысловы тэрмін, якім называлі прыбыццё чыноўніка, візіт караля ці імператара ў правінцыю. Але гэтым словам маглі таксама называць прыйсце боства, якое выходзіць са сваёй схаванасці, каб аб’явіцца ў моцы, або якое ўшаноўваюць як прысутнае ў кульце. Хрысціяне прынялі слова «адвэнт», каб выказаць свае адносіны з Езусам Хрыстом: Езус — Кароль, які ўвайшоў у гэтую бедную «правінцыю», названую зямлёй, каб наведаць усіх; у святкаванні Яго прыйсця ўдзельнічаюць усе, хто верыць у Яго, хто верыць у Яго прысутнасць у літургічнай супольнасці. Словам adventus па сутнасці хацелі сказаць: Бог тут, Ён не адышоў ад свету, не пакінуў нас адных. Хоць мы не можам бачыць і дакранацца да Яго, як да рэчаў, успрыманых пачуццямі, Ён тут і прыходзіць наведаць нас рознымі спосабамі.

Такім чынам, значэнне слова «адвэнт» уключае таксама значэнне слова visitatio, якое проста і літаральна азначае «наведванне»; у гэтым выпадку гаворка ідзе пра наведванне Богам: Ён уваходзіць у маё жыццё і хоча звярнуцца да мяне. У паўсядзённым жыцці кожны з нас перажывае, што мае мала часу для Пана і таксама мала часу для сябе. Урэшце мы цалкам паглынаемся «справамі». Ці не праўда, што часта менавіта дзейнасць завалодвае намі, а грамадства са сваімі шматлікімі інтарэсамі цалкам захоплівае нашу ўвагу? Ці не праўда, што мы прысвячаем шмат часу забаўкам і разнастайным формам адпачынку? Часам справы нас «захлістваюць». Адвэнт, гэты асаблівы літургічны перыяд, які мы распачынаем, запрашае нас спыніцца ў цішыні, каб распазнаць прысутнасць. Ён запрашае зразумець, што асобныя падзеі дня — гэта знакі, якімі Бог звяртаецца да нас, знакі Яго ўвагі да кожнага з нас. Як часта Бог дае нам адчуць хоць нешта са сваёй любові! Весці, так бы мовіць, «унутраны дзённік» гэтай любові было б цудоўным і карысным заданнем для нашага жыцця! Адвэнт запрашае і заахвочвае нас сузіраць прысутнага Пана. Ці не павінна ўпэўненасць у Яго прысутнасці дапамагчы нам глядзець на свет іншымі вачыма? Ці не павінна яна дапамагчы нам успрымаць усё нашае жыццё як «наведванне», як спосаб, якім Ён можа прыйсці да нас і стаць блізкім нам у кожнай сітуацыі?

Яшчэ адзін важны элемент Адвэнту — чаканне, якое адначасова з’яўляецца надзеяй. Адвэнт дапамагае нам зразумець сэнс часу і гісторыі як «kairós», як спрыяльнай нагоды для нашага збаўлення. Езус растлумачыў гэтую таямнічую рэчаіснасць у шматлікіх прыпавесцях: у аповедзе пра слугаў, запрошаных чакаць вяртання гаспадара; у прыпавесці пра дзяўчат, якія чакаюць жаніха; а таксама ў прыпавесцях пра сяўбу і жніво. На працягу жыцця чалавек увесь час чагосьці чакае: дзіцем хоча вырасці, дарослы імкнецца да самарэалізацыі і поспеху, а з узростам прагне заслужанага адпачынку. Але надыходзіць час, калі чалавек разумее, што спадзяваўся занадта мала, калі, апрача прафесіі ці грамадскага становішча, яму ўжо няма на што спадзявацца. Надзея пазначае шлях чалавецтва, але для хрысціянаў яе ажыўляе ўпэўненасць: Пан прысутны ў плыні нашага жыцця, Ён суправаджае нас, і аднойчы вытрае таксама нашы слёзы. У не такі ўжо далёкі дзень усё дасягне сваёй паўнаты ў Валадарстве Божым — Валадарстве справядлівасці і супакою.

Але чакаць можна па-рознаму. Калі час не напоўнены асэнсаванай сучаснасцю, чаканне можа стаць невыносным; калі чакаеш чагосьці, але ў гэты момант нічога няма, калі сучаснасць застаецца пустой, кожная хвіліна здаецца надзвычай доўгай, а чаканне ператвараецца ў цяжар, які немагчыма вынесці, бо будучыня застаецца цалкам няпэўнай. Калі ж час напоўнены сэнсам і кожнае імгненне мы адчуваем нешта асаблівае і каштоўнае, радасць чакання робіць сучаснасць больш каштоўнай. Дарагія браты і сёстры, будзем жыць поўным жыццём у цяперашнім моманце, у якім нас ужо дасягаюць дары Пана, будзем жыць ім, скіраваныя ў будучыню, поўную надзеі. Так хрысціянскі Адвэнт становіцца нагодай абудзіць у нас сапраўднае адчуванне чакання, вярнуўшыся да сэрца нашай веры — таямніцы Хрыста, Месіі, якога чакалі доўгія стагоддзі і які нарадзіўся ў беднасці Бэтлеема. Прыйшоўшы да нас, Ён прынёс нам і надалей прапануе дар сваёй любові і збаўлення. Прысутны сярод нас, Ён прамаўляе да нас рознымі спосабамі: у Святым Пісанні, у літургічным годзе, у святых, у падзеях штодзённага жыцця, ва ўсім стварэнні, якое выглядае па-рознаму ў залежнасці ад таго, ці ёсць за ім Ён, ці яно засланена туманам няпэўнага паходжання і няпэўнай будучыні. Мы, у сваю чаргу, можам звярнуцца да Яго, расказаць пра пакуты, якія нас прыгнятаюць, пра нецярплівасць, пра пытанні, што нараджаюцца ў нашым сэрцы. Мы ўпэўненыя, што Ён заўсёды нас слухае! А калі Езус прысутны, не застаецца больш часу, пазбаўленага сэнсу і пустога. Калі Ён прысутны, мы можам працягваць спадзявацца, нават калі іншыя ўжо не могуць нас падтрымаць, нават калі сучаснасць становіцца цяжкай.

Дарагія сябры, Адвэнт — гэта час прысутнасці і чакання вечнага. Менавіта таму гэта асабліва час радасці, глыбокай унутранай радасці, якую не можа знішчыць ніякае цярпенне. Радасці з таго, што Бог стаў дзіцяткам. Гэтая радасць, нябачна прысутная ў нас, натхняе нас упэўнена крочыць наперад. Узорам і падтрымкай гэтай глыбокай радасці з’яўляецца Дзева Марыя, праз якую нам быў дадзены Дзіцятка Езус. Няхай Яна, верная вучаніца свайго Сына, выпрасіць нам ласку пражыць гэты літургічны перыяд у чуванні і з руплівасцю чакаючы. Амэн!

Бэнэдыкт XVI (гамілія 2009 года)


Пераклад падрыхтавалі «Сябры Лазара»

© Tutti i diritti riservati. Riproduzione consentita solo chiedendo permesso a info@amicidilazzaro.it
(non verrà concesso a siti con pubblicità/ads o per usi commerciali)

© All rights reserved. Reproduction allowed only with permission from info@amicidilazzaro.it
(it will not be granted to sites with advertising/ads or for commercial uses)

christ-child-514213_1280

Парады святога Яна Боска па падрыхтоўцы да Божага Нараджэння