
Неўзабаве Францішак забраў сваю паслядоўніцу таксама з манастыра Святога Анёла і накіраваў яе ў манастырскую кляўзуру Сан-Даміяна.
У амаль разбуранай царкве Сан-Даміяна Укрыжаваны прамовіў Францішку: «Францішак, ідзі і адбудуй маю царкву, бо яна ўся разбураная і вось-вось абрынецца».
Юнак думаў, што гэты загад датычыў матэрыяльных муроў. Таму ён адрамантаваў іх камянямі і вапнай. Потым зразумеў, што загад Хрыста датычыў іншага і што Царква — гэта само цела Езуса, які канаў на Крыжы.
Ён адмовіўся ад усякага багацця, адмовіўся ад усіх амбіцый, добраахвотна стаў пакорным і ўбогім. Ён ажаніўся — як сам казаў — з Пані Убоствам.
Нават адноўленая няўмелымі рукамі Францішка, Сан-Даміяна заставалася ўбогім месцам. Царква была падобная да царквы Санта-Марыя-дэльі-Анджэлі: маленькая, цёмная, са стральчатым скляпеннем. Будынкі навокал маглі служыць кляштарам для некалькіх жанчын, і перадусім для ўбогіх жанчын.
Так у Сан-Даміяна паўстаў Другі, жаночы францішканскі ордэн, які назвалі «Беднымі жанчынамі».
«Бедныя жанчыны» — і нічога больш, без усялякай іншай назвы.
«Бедныя жанчыны», якія жылі на міласціну, елі выпрошаны хлеб і большую частку дзён пасціліся.
Францішак добраахвотна ўзяў шлюб з убоствам. Клара ж захацела стаць самім убоствам, увасабленнем убоства.
У гэтым сэнсе яна злучылася з Францішкам у абсалютным убостве, жаданым, прынятым і шуканым з любові да вялікага ўбогага Пана і Ўладара сусвету, Езуса.
Старую царкву, над якой панаваў вялікі Укрыжаваны, упрыгожылі букетамі палявых кветак.
За апсідай — хор «бедных жанчын», зроблены з грубых, нават не габляваных дошак. Паміж камянямі падлогі быў замацаваны слуп, вакол якога круціўся прымітыўны аналой, асветлены алейнай лампадай.
Акно з кратамі выходзіла ў царкву, і праз жалезныя пруты «бедныя жанчыны», нібыта зняволеныя, прымалі Святую Камунію.
З маленькага клуатра, абапёртага на калоны без капітэляў, праходзілі ў нізкую і цёмную трапезную. Вакол стаялі грубыя сталы без абрусаў. Там «бедныя жанчыны», аддаючы падзяку Пану, елі тое, што атрымлівалі як міласціну.
Клара аддавала перавагу акрайцам хлеба.
Цэлы бохан здаваўся ёй занадта вялікім багаццем. Яна жыла на рэштках, прасіла аб’едкі. А цэлы бохан быў поўным дарам.
Адна агульная спальня на верхнім паверсе давала прытулак «бедным жанчынам». Голы і халодны пакой пад дахавымі бэлькамі. Замест ложка — вязанка галля. Замест падушкі — драўлянае палена. Пасцельная бялізна з грубага пяньковага палатна і коўдры, сшытыя з кавалкаў тканіны.
Босыя ногі ў любую пару года; грубае адзенне, падперазанае вяроўкай; паголеныя галовы, накрытыя белым і чорным покрывамі.
Пад адзеннем Клара насіла валасяніцу са свіной скуры, шчаціннем да цела. «Бедныя жанчыны», бяднейшых за якіх і быць не магло. У Сан-Даміяна Клара хацела быць першай ва ўбостве. На свеце не павінна было быць жанчыны бяднейшай за яе.
Нішто не было яе ўласнасцю; усё было пазычаным; кожны дар быў добраахвотным.
Добраахвотнае ўбоства — не проста прынятае, але жаданае як найвялікшы з прывілеяў. Радаснае ўбоства, задаволенае сабой; вясёлае, святочнае ўбоства, якое не выклікала агіды і смутку.
Убоства без калючак, але квітнеючае, як ружа: яно ўсміхалася і радавалася пад сонцам ласкі.
З Сан-Даміяна не ўздымалася ані скарга, ані ўздых. Убоства ў той халупе не прыносіла болю, нястача за тым сталом не знясільвала, нягоды на тых ложках не мучылі. Клара хацела стаць самім убоствам. Чым больш яна бяднела, тым больш была задаволеная сабой; чым бяднейшай сябе адчувала, тым больш радавалася свайму становішчу.
з «Кветачак святой Клары»
пераклад падрыхтавалі Сябры Лазара
© Tutti i diritti riservati. Riproduzione consentita solo chiedendo permesso a info@amicidilazzaro.it
(non verrà concesso a siti con pubblicità/ads o per usi commerciali)
© All rights reserved. Reproduction allowed only with permission from info@amicidilazzaro.it
(it will not be granted to sites with advertising/ads or for commercial uses)

